?

Log in

No account? Create an account

Академик Александр Павлович Войтович

Previous Entry Поделиться Next Entry
09:50 pm: Пра газавыя лазеры

Сёння слова "лазер" ведаюць амаль што з пялёнак. А быў жа час, калі яно гучала нязвыкла і для акадэмікаў!

Мне - не пабаюся гучнага слова - пашчасціла далучыцца да прац у галіне лазернай фізікі з самага пачатку іх разгортвання ў нашай Акадэміі.

Нагадаю: у 1960 годзе, пасля БДУ, я прыйшоў працаваць у Інстытут фізікі Акадэміі навук БССР. Прыкмеціў мяне яшчэ ва ўніверсітэце тады даволі малады яшчэ вучоны Мікалай Барысевіч. Той самы, што пазней стане прэзідэнтам Акадэміі навук. І будзе ўзначальваць яе аж 18 гадоў - цэлую эпоху.

Ну вось, прыйшоў я ў лабараторыю да Барысевіча. Мне было прапанавана займацца інфрачырвонай сектраскапіяй. З гэтага я і пачаў. Паводле маіх чарцяжоў у майстэрні пры інстытуце зрабілі спецыяльную ўстаноўку. Я яе наладзіў, пачаў вымярэнні, нават напісаў адзін ці два артыкулы.

І акурат тут у інстытуце пачалі разгортвацца работы па лазерах. Было прапанавана далучыцца да іх і мне.

Трэба аддаць належнае тагачаснаму дырэктару Інстытута фізікі Барысу Іванавічу Сцяпанаву. Ён адразу адчуў, што новы навуковы напрамак абяцае вялікія перспектывы.

Тут варта зазначыць, што ў прыродазнаўчых навуках, і асабліва ў фізіцы, увогуле важна раз-пораз абнаўляць тэматыку даследаванняў. Бо наступае час, калі старыя тэматычныя пласты непазбежна выпрацоўваюцца. Гэтак сама, прыкладам, як пласты калійнай солі ў шахце.

Акрамя таго, Сцяпанаў раней працаваў у Дзяржаўным аптычным інстытуце ў Ленінградзе. А той інстытут падпарадкоўваўся Міністэрству абароннай прамысловасці. Так што ў Барыса Іванавіча быў, можна адзначыць, нюх на прымяненні ваеннага характару. А на такія мэты, як вядома, Савецкі Саюз грошай не шкадаваў.

Карацей кажучы, акадэмік Сцяпанаў за лазеры адразу ўхапіўся. Потым гэтая прадбачлівасць прынясе Барысу Іванавічу багаты плён. Ён атрымае некалькі Дзяржаўных прэмій СССР, зорку Героя Сацыялістычнай Працы. У энцыклапедыях пра Сцяпанава стануць пісаць - "заснавальнік беларускай школы лазернай фізікі". І сам Інстытут фізікі назавуць яго імем.

Ну а тады перад вучонымі ляжала неўзараная цаліна зусім новай тэматыкі.

Загадчык лабараторыі Барысевіч якраз рыхтаваў доктарскую дысертацыю ў рэчышчы свайго ранейшага навуковага пошуку. І, натуральна, не хацеў спыняцца на паўдарозе. Таму фактычна мне давялося ў высокай ступені працаваць у новай тэматыцы самастойна. Гэта было цяжка. А з другога боку, лічу, што гэта быў падарунак лёсу. Бо ў выніку навучыўся быць самастойным, стала звычкай самому разбірацца ў праблемах і вырашаць іх.

Кіраўнік інстытута Сцяпанаў арганізаваў спецыяльны семінар, каб вызначыцца, з чаго і як пачынаць, якія праблемы даследаваць. І тут выявілася, што ў лазернай тэматыцы мы былі ўсе пачынаючымі, а па вопыту навуковай працы і багажу ведаў - рознымі.

***

Неўзабаве я адчуў, што стаў разумець у лазерах болей, чым, напрыклад, мой непасрэдны кіраўнік Барысевіч. Кажу пра гэта без аніякай пахвальбы. У навуцы заўжды так: хто не займаецца тэмай штодня, непазбежна адстае. Так сама, як любы чэмпіён без штодзённых трэніровак здае пазіцыі ў спорце.

Ну а Мікалаю Аляксандравічу Барысевічу я ўдзячны за тое, што ён шмат дапамагаў арганізацыйна. Былі выпадкі, калі ён прыкрываў мяне ад несправядлівых нападак. А яшчэ - навучыў з гранічнай адказнасцю ставіцца да таго, што пішаш. Узважваць кожную фразу, кожнае слова навуковага артыкула.

Некалькі артыкулаў мы напісалі разам. Я рыхтаваў, так сказаць, балванку, а потым мы сядалі поруч і яе шліфавалі. Барысевіч чытаў услых кожны сказ. І напачатку, трэба прызнацца, амаль што кожную фразу перарабляў.

Гэта была добрая школа. Дарэчы, потым яна дапамагла не толькі ў навуковай творчасці. Але на пачатку 60-х, натуральна, і ўявіць сабе нельга было, што некалі давядзецца пісаць палітычныя артыкулы.

Зрэшты, пра мой шлях у палітыку гаворка пойдзе пазней.

А камплімент за добры стыль давялося пачуць, калі занёс у выдавецтва манаграфію пад назвай "Магнітаоптыка газавых лазераў". Азнаёміўшыся з рукапісам, рэдактарка сказала:

- Ну, каб усе тэксты былі такія, дык я б клопату не мела!

Вядома ж, навукоўцы часцяком грашаць занадта грувасткім ды няўцямным выкладаннем сваіх ідэй. Нават такі выраз прыжыўся: у цябе, маўляў, навукападобны стыль!

Я ж імкнуся, каб слова было дакладным, важкім і цвёрдым. І ў навуцы, і у палітыцы, і ў штодзённым жыцці.



Comments

[User Picture]
From:macsim_by
Date:Январь 13, 2007 07:05 pm
(Link)
отец говорит, что сейчас разогнанную лабораторию газовых лазеров (ЛФГЛ) хотят вновь собрать, якобы просекли что на этом мона зарабатывать! вот тока кадров уже нет необходимых...
[User Picture]
From:zelanton
Date:Январь 13, 2007 07:40 pm
(Link)
Помниться у нас всерьёз занимались проблемой лазерных транзисторов. Как-то незаметно перестали про это писать. Чем эта тема закончилась, не знаете?
[User Picture]
From:no_mad
Date:Январь 13, 2007 11:09 pm

Дзякуй вам за вельмi цiкавы артыкул

(Link)
Некаторыя "адмыслоўцы" кажуць, што беларуская мова не падыходзiць для навуковых даследванняў i навуковай лiтаратуры.
Але я заўсёды спрачаўся з такiмi выказваннямi i, чытаючы вашы ўспамiны, упэўнiваюся, што беларуская мова цалкам падыходзiць для ўжывання ў такiх традыцыйна рускамоўных галiнах, як фiзiка, медыцына, вайскавая справа i г.д.
Як вы ставiцеся да беларускай мовы ў навуцы? (Пакуль што здаецца, ёй адведзена толькi беларуская фiлалогiя ды троху беларускай гiсторыi)
Цi практыкавалась дакументаванне на беларускай мове тэхнiчных навуковых прац, якiя былi праведзены вамi цi ў акадэмii? Вельмi хочацца пазнаць, што нешта вельмi значнае у Свеце было вынаходжана на беларускай мове :)
Разработано LiveJournal.com